:

Аб далейшых кірунках развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сусветнай турысцкай арганізацыяй

12.01.2019 г.

 

11 студзеня 2019 года ў г.Мадрыдзе адбылася сустрэча Пасла Беларусі ў Францыі і Іспаніі, Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Сусветнай турысцкай арганізацыі  (па сумяшчальніцтве) Паўла Латушкі з Генеральным сакратаром Сусветнай турысцкай арганізацыі (далей – ЮНВТА) Зурабам Палалікашвілі. 

Падчас сустрэчы З.Палалікашвілі даў высокую ацэнку зменам візавага заканадаўства Беларусі, якія накіраваныя на далейшую лібералізацыю ўезду замежных грамадзян у Беларусь. П.Латушка падкрэсліў значны агульны рост колькасці замежных турыстаў, якія наведалі Беларусь у 2018 годзе ў параўнанні з 2017 годам па выніках увядзення безвізавага рэжыму ўезду для грамадзян шэрагу краін свету.

Новы Генсек ЮНВТА пацвердзіў намер ажыццявіць свой першы візіт у Беларусь у межах ІІ Еўрапейскіх гульняў у канцы чэрвеня бягучага года, у тым ліку з мэтаю абмеркавання магчымасці выкарыстання міжнародных спартыўных мерапрыемстваў для пашырэння ўязднога турызму ў краіны-арганізатары.

Генсек ЮНВТА выступіў з прапановай разглядзець магчымасць арганізацыі ў 2020 годзе ў Беларусі міжнароднага мерапрыемства па лініі ЮНВТА, якое будзе прысвечана экалагічнаму і агратурызму, станоўча падкрэсліўшы ўжо праведзеную беларускім бокам працу у дадзеным кірунку.

З.Палалікашвілі адзначыў важнасць першага прыкладу стажыроўкі беларускіх грамадзян па пытаннях міжнароднай дзейнасці ў галіне турызму, якая адбываецца ў Сакратарыяце Арганізацыі.

П.Латушка падзякаваў за практычную экспертную дапамогу супрацоўнікаў ЮНВТА ў справе развіцця турыстычнай сферы ў нашай краіне. 

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНВТА праінфармаваў аб адкрыцці другі год запар беларускага стэнда на адной з буйнейшых турыстычных выставаў “FITUR”, якая адбудзецца ў г.Мадрыдзе з 23 па 27 студзеня б.г.

Падчас сустрэчы П.Латушкам і З.Палалікашвілі дасягнута дамоўленасць аб распрацоўцы “дарожнай карты”, якая б уключала канкрэтныя прыклады напрамкаў далейшага супрацоўніцтва Беларусі з вядучай сусветнай арганізацыяй ў сферы турызму.

Версия для печати

Дипмиссии Беларуси за рубежом

Все дипмисии Сайт МИД
Перейти