Памятнае мерапрыемства з нагоды 9 траўня
09.05.2022 г.
У азнаменаванне Дня Перамогі і ў Год гістарычнай памяці дыпламаты Пасольства аддалі даніну павагі ўдзельніку вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў Эстэбе Хасэ Сірухеда.
Паводле інфармацыі, якую ўдалося даведацца, Э.Х. Сірухеда нарадзіўся 6 жніўня 1915 года ў іспанскім горадзе Альканар (правінцыя Тарагона, Каталонія) у сям'і чыгуначніка. Пражываў у Валенсіі, працаваў столярам-мэбельшчыкам. У 1933 годзе ўступіў у Камуністычную партыю Іспаніі, а ў грамадзянскую вайну разам са старэйшым братам Феліпе ваяваў у складзе рэспубліканскага войска. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны перабраўся ў СССР, пасяліўся ў Растове-на-Доне, дзе працаваў на заводзе «Растсельмаш». У 1942 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі і залічаны ў 439-ы знішчальны полк. Ваяваў у раёне Саратава, пад Сталінградам і Яраслаўлем. У складзе 1-га Беларускага фронту ўдзельнічаў у вызваленні Баранавіч, Пінска, Кобрына, Брэста, Гродна.
За доблесць і мужнасць, праяўленыя ў баях, старшы лейтэнант Э.Х. Сірухеда быў удастоены ордэна Айчыннай вайны 1-й ступені і двух медалёў. Дэмабілізаваўся ў 1948 годзе, пасля чаго працаваў на розных прадпрыемствах у Баранавічах, Бабруйску і Менску. У 1992 годзе вярнуўся ў Іспанію, дзе памёр 27 жніўня 2013 года.
Сумесна з роднымі Э.Х. Сірухеда беларускія дыпламаты ўсклалі кветкі да месца яго пахавання ў г. Мальет дэ Вальес (правінцыя Барселона, Каталонія).
Пасольства звяртаецца да ўсіх падпісчыкаў з просьбай аб дапамозе ва ўстанаўленні месцаў пахавання іншых грамадзян Іспаніі, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ніхто не забыты, нішто не забыта!
(пры падрыхтоўцы дадзенай публікацыі выкарыстоўваліся інфармацыйныя матэрыялы «СБ. Беларусь Сегодня» і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны)