Аб выніках і перспектывах развіцця беларуска-іспанскага супрацоўніцтва і мерапрыемстве з нагоды 100-годдзя стварэння сучаснай беларускай дыпламатычнай службы
12.01.2019 г.
11 студзеня 2019 года ў Мадрыдзе адбылася сустрэча Пасла Беларусі ў Францыі і Іспаніі (па сумяшчальніцтве) Паўла Латушкі з Дзяржсакратаром МЗС Іспаніі Фернандо Валенсуэла.
У якасці станоўчага моманту П.Латушка і Ф.Валенсуэла адзначылі назіраемы ў апошнія гады ўстойлівы рост гандлёвага абароту паміж Беларуссю і Іспаніяй.
Падчас сустрэчы сярод вынікаў апошніх гадоў супрацоўніцтва бакі адзначылі: адкрыццё Пасольства Беларусі ў Іспаніі, развіццё знешнепалітычнага дыялога, візіт Міністра замежных спраў Беларусі ў Мадрыд у чэрвені 2017 года, сістэматычнае правядзенне кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Іспаніі, стварэнне Сумеснай міжурадавай беларуска-іспанскай камісіі па эканамічнаму і прамысловаму супрацоўніцтву, правядзенне бізнес-форумаў, а таксама эканамічных і інвестыцыйных прэзентацый Беларусі ў Іспаніі, візіты міністраў эканомікі, юстыцыі, спорта і турызму, Старшыні Дзяржкамітэта па навуці і тэхналогіях Беларусі, падпісанне адпаведных пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галінах знешняй палітыкі, эканомікі, прамысловасці, юстыцыі, турызму, стандартызацыі і сертыфікацыі, адкрыццё ганаровых консульстваў Беларусі ў Алікантэ і Барселоне, рэалізацыю буйных праектаў у галіне культуры.
П.Латушка і Ф.Валенсуэла акрэслілі напрамкі далейшага развіцця беларуска-іспанскіх стасункаў, у тым ліку візіт дэлегацыі МЗС Іспаніі ў Беларусь у 2019 годзе, а таксама планы па адкрыццю ганаровых консульстваў Беларусі ў Малазе і Тэнерыфе.
У гэты ж дзень у Пасольстве Беларусі ў Іспаніі адбылося мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю стварэння сучаснай беларускай дыпламатычнай службы, у якім прынялі ўдзел паслы шэрагу замежных дзяржаў, супрацоўнікі МЗС Іспаніі, органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі бізнеса, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Іспаніі.
У сваім выступленні перад сабранымі П.Латушка адзначыў, што “беларуская гісторыя знешніх стасункаў сягае ў глыбіню стагоддзяў і мае свае вытокі з часоў Полацкага і Тураўскага княстваў, Вялікага княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі. Сто год таму падчас існавання БССР 22 студзеня 1919 года распачаўся сучасны этап развіцця беларускай дыпламатыі. Беларусі ёсць чым ганарыцца. Асабліва варта вылучыць, што БССР выступіла адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”.
Кажучы пра беларуска-іспанскія адносіны, П.Латушка падкрэсліў, што “сёння пішуцца новыя старонкі беларуска-іспанскага супрацоўніцтва: дзвух еўрапейскіх дзяржаў, якія маюць усе перспектывы на новыя стагоддзі сяброўскіх адносінаў”.
Падчас мерапрыемства Ганаровай грамтай МЗС Беларусі за ўнёсак у развіццё двухбаковага супрацоўніцтва быў узнагароджаны былы Дзяржсакратар МЗС Іспаніі, Пасол Іспаніі ў Беларусі (па сумяшчальніцтве) Ігнасіо Ібаньес. Узнагароды Пасольства за садзейнічанне развіццю беларуска-іспанскага супрацоўніцтва на сучасным этапе былі ўручаныя прадстаўнікам іспанскага бізнесу, сферы культуры, а таксама прадстаўнікам беларускай дыяспары ў Іспаніі.